МІЖНАРО́ДНЫ АЛІМПІ́ЙСКІ КАМІТЭ́Т(MAK; International Olympic Committee), вышэйшы кіруючы орган сучаснага алімп. руху. Створаны 23.6.1894 (Парыж) па ініцыятыве П. дэ Кубертэна. МАК арганізуе Алімпійскія гульні. У першы склад МАК выбраны прадстаўнікі Аргенціны, Багеміі, Бельгіі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, ЗША, Італіі, Новай Зеландыі, Расіі, Францыі і Швецыі; яны сталі арганізатарамі нац. алімп. к-таў (НАК) у сваіх краінах. Статутны дакумент МАК — Алімпійская хартыя. У абавязкі МАК уваходзіць рэгулярнае правядзенне зімовых і летніх Алімп. гульняў, іх пастаяннае ўдасканаленне, кіраванне развіццём аматарскага спорту ў свеце. МАК прымае рашэнні аб прызнанні НАК і міжнар. спарт. федэрацый (МСФ); вызначае праграму Алімп. гульняў; з’яўляецца вышэйшай інстанцыяй пры вырашэнні пытанняў, звязаных з іх арг-цыяй і правядзеннем; выбірае алімпійскі горад; засноўвае і прысуджае алімп. ўзнагароды. Сесіі МАК збіраюцца штогод, у алімп. годзе двойчы — у час зімовых і летніх гульняў; праводзяцца алімп. кангрэсы. У перыяд паміж сесіямі работай кіруе Выканком МАК. У яго складзе: прэзідэнт (выбіраецца на 8 гадоў), 3 віцэ-прэзідэнты і 5 членаў (на 4 гады). Для кожнай краіны выбіраецца звычайна 1 член МАК. У сістэме МАК ёсць пастаянныя камісіі, якія займаюцца рознымі пытаннямі алімпійскага руху (камісіі па допуску спартсменаў да ўдзелу ў Алімп. гульнях; фінансавая, юрыд., мед., узнагародная, па культ. праграме, прэсе і інш.). Бюджэт складаецца з даходаў ад продажу правоў паказу Алімп. гульняў па тэлебачанні, ахвяраванняў і інш. Афіц. мовы МАК — франц. і англ. Выдае штомесячны бюлетэнь-часопіс «Revue Olympique» («Алімпійскі агляд») на франц., англ. і ісп. мовах, а таксама афіц. даведачную і інш. л-ру.

т. 10, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)